Гуру Песен Популярное
А Б В Г Д Е Ж З И К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
# A B C D E F G H I J K L M N O P Q R S T U V W X Y Z

Янка Купала - Маладая Беларусь (31) | Текст песни

Pesni.guru - сайт для Гуру

Вольны вецер напеў вольных песень табе,
Бор зялёны узняў дружным гоманам.
Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,
Зоры веру ўлілі сілам зломаным.

I ў час буры, нягод і вялікіх надзей
Зацвіла, расцвіла даўгажданая,
I крыніцай жывой над айчызнай сваей
Паплыла, пацякла неспыняная.

Паплыла, пацякла з светлай казкай жыцця
Полем, лесам, гарой і далінаю...
З свойскіх кветак-пралесак — карона твая,
Ўся сама — ясната лебядзіная.

Зіхаціш і гуслярскаю песняй звініш,
Узнімаеш мінуўшчыну даўную;
Час сягонняшні ўперад ісці не пыніш
I глядзіш смела ў будучнасць тайную.

Смела ў сонцы ідзеш, як жывы агняцвет,
Сееш ласкава сны залацістыя;
Не пужае сумежны дакучны сусед,
Не пужае пуціна цярністая.

Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца
Абнаўлення напевы расходзяцца,
Абнімае душу без граніц, без канца
Маці-радасць, што лепшы дзень родзіцца.

Ўжо не так тапары у зялёным бары
Хвойкі валяць зімой маразянаю,
Ўжо не так касары ад зары да зары
Летам звоняць касой адкляпанаю.

Значан гарт у руках, чутна песня без слёз,
Грудзі славы надзеяй калышуцца,
Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі з кос
Наўсяды людзьмі новымі пішуцца.

Расцвітай жа, ўзнімай на арліных крылах
Душы, сэрцы і думы заспаныя,
Вызывай, выклікай на вялікі прасцяг
Сілу, ведзьмай-пятлёй не чапаную.

Высылай, рассылай на край свет пасланцоў,
Як з гнязда сакалінага сокалаў,
Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,
Хай грымяць весткай добраю ўвокала.

Годзе ў полі, ў лясах ты, старонка, і так
Сіратой начавала забытаю,
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,
Косці вецер тачыў непакрытыя.

Падымайся з нізін, сакаліна сям'я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..

Дарэвалюцыйныя вершы 1911-1912


Статистика страницы на pesni.guru ▼
Просмотров сегодня: 1
Видео
    Нет видео
    -